РАМЕ́ННАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчальнага руху паміж валамі пры дапамозе прываднога рэменя. Ахоплівае вядучы шкіў (звычайна на вале рухавіка) і вядзёны (на вале рабочага органа). Вызначаецца здольнасцю да перагрузак, плаўнасцю ходу, бясшумнасцю, дазваляе перадаваць вярчэнне на адлегласць да некалькіх дзесяткаў метраў, магутнасць да 30—50 кВт, аднак мае невялікі ккдз, нераўнамернасць вярчэння (з-за праслізгвання), грувасткасць. Выкарыстоўваецца ў прыводах с.-г. машын, станкоў, тэкст. машын і інш.

Раменныя перадачы: 1 — прынцыповая схема; 2—6 — віды перадач паводле формы папярочнага сячэння (плоска-, кліна-, круглараменная, поліклінавая, зубчастая); 7—10 — тыпы паводле канструкцыі (перакрыжаваная, паўперакрыжаваная, з некалькімі вядзёнымі шківамі, з нацяжным ролікам).

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)